З 31 ліпеня да 3 жніўня ў Пярнумаа (Эстонія) прайшоў другі з’езд беларускіх навукоўцаў «Вялікі Воз», арганізаваны Згуртаваннем беларускіх суполак Эстоніі пры падтрымцы агенцтва ESTDEV, паведамляе belsat.eu.
Два дзясяткі даследнікаў з розных краін абмяркоўвалі праблемы беларускай навукі ў эміграцыі, міждысцыплінарныя праекты, штучны інтэлект, астрафізіку, генетыку і іншыя тэмы. Атмасфера спалучала навуковую канферэнцыю з нефармальным рэтрытам.
Супольнасць, што пачала фармавацца вакол часопіса Pamyłka, прыняла Маніфест і дамовілася пра чатыры кірункі: штогод ладзіць «Вялікі Воз» у адкрытым фармаце (наступны — у ліпені 2026-га ў Эстоніі), пашыраць сетку сувязяў, запускаць супольныя праекты і падтрымліваць беларускамоўнае навуковае асяроддзе, а таксама прадстаўляць беларускі голас у міжнароднай навуковай прасторы.
Назва адсылае да сузор’я Вялікай Мядзведзіцы, якое бачна і ў Беларусі, і над Балтыкай, сімвалізуючы адсутнасць межаў для навукі і ідэяў.
эж